ХІНГА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.
У Амурскай вобл. (Расія), у перадгор’і хрыбта Малы Хінган. Засн. ў 1963 для аховы прыроднага комплексу Сярэдняга Прыамур’я. Пл. 97,8 тыс. га. Клімат мусонны. Рэльеф вызначаюць Хінганскае нізкагор’е (выш. каля 500 м) і забалочаная раўніна. Глебы горна-лясныя бурыя і лугавыя чарназёмападобныя. Дубовыя і хвойна-шыракалістыя лясы займаюць 76% горнай ч. запаведніка. Захаваліся невял. ўчасткі лесу з хвоі кедравай карэйскай, елкі аянскай, піхты белакорай, лістоўніцы даурскай. У поймах рэк — вербнякі, алешнікі і ясянёва-ільмавыя насаджэнні. На раўніне лугавая і балотная расліннасць. У флоры больш за 800 відаў; у Чырв. кнізе: чаравічкі буйнакветкавы і сапраўдны, барадатка японская, надбароднік бязлісты, чылім, лотас Камарова. Звычайныя прадстаўнікі фауны прыамурскай (чорны мядзведзь, харза, янотападобны сабака) і манголадаурскай (даурскі хамячок, даўгахвосты суслік). У Чырв. кнізе: сапсан, скапа, арлан-белахвост, мандарынка, далёкаўсходні белы бусел, японскі і даурскі жураўлі.
т. 17, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)